IV Міжнародны форум дасьледчыкаў беларускай казкі і міталёгіі пройдзе ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 15-17 траўня, паведамілі БелТА ў прэс-службе НАН.
Удзельнікамі форуму стануць фальклярысты зь Беларусі, Эстоніі, Славаччыны, Расеі, Кітаю. Таксама арганізатары згадваюць сярод краінаў-удзельніц непрызнаную Абхазію.
У праграме — Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Народная казачная проза ў эўрапейскай культуры: архаічная традыцыя і сучасная інтэрпрэтацыя», круглыя сталы, прысьвечаныя пытаньням беларускай міталёгіі, а таксама праблемам сучаснай літаратурнай казкі і яе ўзаемадзеяньню з фальклёрам, навуковыя даклады і іншыя мерапрыемствы.
У час форуму выберуць пераможцу дзіцячага конкурсу выканаўцаў беларускай казкі. Найлепшыя ўдзельнікі выступяць перад слухачамі гэтак жа, як і майстры казачнага жанру.
Акрамя таго, у час форуму будуць прадстаўлены выставы твораў графікі Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры, кніжных выданьняў з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН ім. Якуба Коласа. Таксама выступяць артысты капэлі традыцыйнай беларускай музыкі «Анягож».
Форум