Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свабоду Мацкевічу»: больш за 250 навукоўцаў патрабуюць вызваліць беларускага філёзафа


Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота
Уладзімер Мацкевіч, архіўнае фота

Больш за 250 навукоўцаў з усяго сьвету падпісалі пэтыцыю ў падтрымку беларускага філёзафа Ўладзімера Мацкевіча, які знаходзіцца за кратамі больш як 3 гады і 9 месяцаў. Дакумэнт адрасаваны міжнародным арганізацыям і інстытуцыям, у тым ліку Эўрапейскай камісіі, Эўрапарлямэнту, UNESCO, Кангрэсу ЗША, а таксама міністэрствам замежных справаў Літвы і Польшчы, перадае LRT.

У звароце напісана, што Мацкевіч — адзін з самых вядомых інтэлектуалаў сучаснай Беларусі, філёзаф-рацыяналіст і грамадзкі мысьляр, які многія гады займаўся асьветай, адукацыйнымі праектамі і аналітыкай грамадзкіх працэсаў.

У тэксьце звароту падкрэсьліваецца, што філязофія для Мацкевіча — гэта не абстрактная акадэмічная дысцыпліна, а інструмэнт дзеяньня: розум як спосаб асэнсаваньня сьвету, шлях да свабоды і асабістай адказнасьці.

Аўтары пэтыцыі падкрэсьліваюць яго значны ўклад у інтэлектуальнае і культурнае жыцьцё краіны, а таксама яго перакананасьць у тым, што філёзафы павінны актыўна ўдзельнічаць у пераўтварэньні грамадзтва.

«Ён лічыць, што асэнсаваньне сьвету з дапамогай розуму — гэта цэнтральная задача філязофіі, якая робіць яе практычнай і арыентаванай на дзеяньні. Для яго філязофія — ня проста акадэмічная дысцыпліна, а працэс крытычнага асэнсаваньня, накіраваны на пераўтварэньне грамадзтва. Мацкевіч сьцьвярджае, што філёзафы і грамадзкія інтэлектуалы адыгрываюць найважнейшую ролю ў грамадзянскай супольнасьці, прасоўваючы ідэі свабоды і адказнасьці», — гаворыцца ў тэксьце пэтыцыі.

У 2021 годзе Мацкевіча затрымалі, а ў 2022-м асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньняў, зьвязаных з «абразай прэзыдэнта», «арганізацыяй масавых беспарадкаў» і «стварэньнем экстрэмісцкага фармаваньня». МУС унесла яго ў сьпіс «экстрэмістаў».

Адбываць пакараньне Ўладзімера Мацкевіча адправілі спачатку ў шклоўскую калёнію, але ў 2023 годзе дадаткова пагоршылі рэжым утрыманьня і перавялі ў магілёўскую турму.

Праваабарончыя арганізацыі лічаць справу Мацкевіча палітычна матываванай. Ён уваходзіць у лік каля 1200 палітвязьняў, якіх прызналі такімі міжнародныя назіральнікі. Паводле аўтараў пэтыцыі, яго арышт стаў часткай шырэйшай рэпрэсіўнай кампаніі супраць незалежных інтэлектуалаў і актывістаў у Беларусі.

Ініцыятарамі пэтыцыі выступілі ўдзельнікі філязофскай канфэрэнцыі «Рацыянальнасьць за кратамі і філязофія ў турме», якая адбылася летась у верасьні ў Вільні пад эгідай Эўрапейскага цэнтру філязофіі культуры. Пад ёй падпісаліся больш за 250 навукоўцаў з усяго сьвету.

14 траўня Ўладзімеру Мацкевічу споўнілася 69 гадоў. Ён адзін з заснавальнікаў «Лятучага ўнівэрсытэту» — апошняй незалежнай акадэмічнай ініцыятывы ў Беларусі.

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

  • Уладзімер Мацкевіч — беларускі філёзаф і мэтадоляг — быў затрыманы 4 жніўня 2021 году. Яму выставілі абвінавачаньне ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК).
  • Канчатковае абвінавачаньне было ўжо паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У выніку Мацкевіча асудзілі на пяць гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
  • Спачатку зьняволены філёзаф адбываў пакараньне ў Шклоўскай ПК № 17, але на пачатку 2023 году яму зьмянілі рэжым утрыманьня на больш жорсткі і перавялі ў магілёўскую турму № 4.
  • МУС уключыў Уладзімера Мацкевіча ў сьпіс асобаў, нібыта датычных да экстрэмісцкай дзейнасьці.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG