Сьцісла:
- Лукашэнка прапанаваў рэфэрэндум для ўмацаваньня сваёй улады і нанясеньня паразы апазыцыі.
- Дзеля зацьвярджэньня пытаньняў рэфэрэндуму Вярхоўным Саветам Лукашэнка ўжыў гвалт.
- Для дасягненьня патрэбнага выніку на рэфэрэндуме прэзыдэнцкая каманда ўзяла пад поўны кантроль дзяржаўныя мэдыя.
- Рэфэрэндум быў той мяжой, якая паклала пачатак зьмене дзяржаўнай ідэалёгіі. Цяпер яна трансфармавалася ў канцэпцыю «рускага сьвету».
- Вынікам рэфэрэндуму стала паскарэньне фармаваньня рэжыму асабістай улады Лукашэнкі.
Навошта Лукашэнку спатрэбіўся рэфэрэндум
Аляксандар Лукашэнка ўпершыню агучыў ідэю правядзеньня рэфэрэндуму 2 лютага 1995 году. Да гэтага моманту і самому прэзыдэнту, і большасьці насельніцтва стала зразумела, што цуду, які ён абяцаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў, ня здарылася, сацыяльна-эканамічны крызіс абвастраецца, узровень жыцьця людзей пáдае разам з рэйтынгам кіраўніка дзяржавы. І яму трэба было шукаць выйсьце з гэтай складанай сытуацыі. Ім стаў рэфэрэндум з чатырма пытаньнямі, у станоўчых адказах на якія Лукашэнка быў упэўнены.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў надаць расейскай мове роўны статус зь беларускаю, вярнуць крыху зьмененыя сьцяг і герб БССР, падтрымаць яго дзеяньні, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расеяй. Спачатку чацьвёртым пунктам пакету прэзыдэнцкіх прапановаў было пытаньне аб мэтазгоднасьці прыватызацыі. Аднак праз пэўны час Лукашэнка адмовіўся ад апошняга пункту, бо, відаць, зразумеў, што, паставіўшы пытаньне аб прыватызацыі і атрымаўшы адмоўны адказ, можна зьвязаць сабе рукі ў надзвычай важнай сфэры эканамічнае палітыкі. І зьявілася чацьвёртае пытаньне аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт.
Лукашэнка імкнуўся сканструяваць сытуацыю лета 1994 году, перавесьці гульню на сваё палітычнае поле
На травень 1995 году былі прызначаныя першыя ў гісторыі незалежнай Беларусі парлямэнцкія выбары. Лукашэнка вырашыў сумясьціць іх з рэфэрэндумам. Ён імкнуўся сканструяваць сытуацыю лета 1994 году, выкарыстаць апэляцыю да народу як забойчую зброю супраць апанэнтаў, перавесьці гульню на сваё палітычнае поле і на гэтай аснове паўтарыць трыюмф папярэдняга году. Прапанаваны рэфэрэндум ускосна ўплываў і на вынікі выбараў, бо задаваў ідэалягічны фон усёй выбарчай кампаніі, засяроджваў перадвыбарчую барацьбу вакол названых пытаньняў. Гэта было выгадна левым і прарасейскім палітычным партыям, якія адразу ж падтрымалі ідэю прэзыдэнта.
Рэфэрэндум узарваў палітычную сытуацыю ў краіне. Беларуская мова ў якасьці адзінай дзяржаўнай, герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг былі найважнейшымі сымбалямі беларускага сувэрэнітэту, будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы, зарукаю незваротнасьці зьменаў. Здавалася б, сярод эліты ў гэтых пытаньнях існаваў кансэнсус. Дарэчы, сам Лукашэнка, будучы дэпутатам, галасаваў за гэтыя сымбалі. І вось цяпер ён парушыў няпісаныя табу.
На рэфэрэндум былі вынесены спрэчныя пытаньні
Паводле заканадаўства, пытаньні, якія выносіў прэзыдэнт на рэфэрэндум, меў зацьвердзіць Вярхоўны Савет. Аднак у парлямэнту ўзьніклі пярэчаньні. Рэч у тым, што закон аб рэфэрэндуме забараняў вынясеньне на ўсенароднае галасаваньне тэмаў, якія парушаюць гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Многія юрысты сьцьвярджалі, што гэта датычыцца пытаньняў пра мову, сьцяг і герб.
Усім памятная тэлекарцінка, як Лукашэнка з тагачасным расейскім прэм’ерам Чарнамырдзіным выкопваюць мытны слуп
Ня менш спрэчным было пытаньне аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт у выпадку парушэньня апошнім Канстытуцыі. Зь юрыдычнага гледзішча асаблівага сэнсу ў гэтым пытаньні не было. За адпаведнасьцю заканадаўчых актаў Асноўнаму Закону сачыў спэцыяльна створаны для гэтага орган — Канстытуцыйны суд. І навошта Вярхоўнаму Савету «парушаць» Канстытуцыю, калі ён меў права яе зьмяняць і ў кожны момант мог скарыстацца гэтым правам? Акрамя таго, законы, якія прымаў парлямэнт, маглі ўступіць у сілу толькі пасля подпісу прэзыдэнта (акрамя выпадку, калі прэзыдэнцкае вэта пераадольвалася большасьцю ў 2/3).
Спасылаючыся на вынікі рэфэрэндуму 1995 году, Лукашэнка шмат гадоў паўтарае, што, маўляў, беларускі народ падтрымаў курс на інтэграцыю з Расеяй, і ён толькі выконвае волю народу. Насамрэч тут ёсьць элемэнт маніпуляцыі.
Пытаньне, якое вынесьлі на рэфэрэндум, гучала так: «Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?». То бок, па-першае, была гаворка толькі пра «эканамічную інтэграцыю». Ні пра якія палітычныя канструкцыі ў выглядзе «Саюзнай дзяржавы» не ішлося.
Па-другое, пытаньне ставілася пра падтрымку ўжо зробленых дзеяньняў у кірунку эканамічнай інтэграцыі. А што было зроблена на той момант? Зьліквідавалі мытную мяжу з Расеяй, усім памятная тэлекарцінка, як Аляксандар Лукашэнка з тагачасным расейскім прэм’ерам Віктарам Чарнамырдзіным выкопваюць мытны слуп. То бок фактычна насельніцтва падтрымала ўсяго толькі стварэньне адзінай мытнай прасторы з Расеяй. І ня больш за тое.
11 красавіка 1995 году Лукашэнка прыйшоў у Вярхоўны Савет, каб асабістай прысутнасьцю і ўдзелам у паседжаньні заахвоціць парлямэнтароў зацьвердзіць пытаньні рэфэрэндуму. Каб не дапусьціць яго правядзеньня, 19 дэпутатаў апазыцыі БНФ пайшлі на адчайны крок: аб’явілі галадоўку проста ў залі пасяджэньня і селі каля трыбуны. Гэта пэўным чынам паўплывала на астатніх. Вярхоўны Савет не падтрымаў прапановаў прэзыдэнта.
У адказ Лукашэнка ўжыў грубую сілу. Ноччу апазыцыйных дэпутатаў, якія галадалі, пабілі і выкінулі з будынку Вярхоўнага Савету вайскоўцы. Ужываньне прэзыдэнтам гвалту супраць апазыцыянэраў спалохала дэпутацкую большасьць, якая дружна падтрымала ўсе чатыры пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум. Страляць з гарматаў па парлямэнце, як тое было ў Расеі ў кастрычніку 1993 году, не спатрэбілася. Тое, што ў суседняй краіне вылілася ў трагедыю, у Беларусі скончылася фарсам.
Для дасягненьня патрэбнага выніку на рэфэрэндуме прэзыдэнцкая каманда ўзяла пад поўны кантроль дзяржаўныя мэдыя.
Вынікі рэфэрэндуму
У рэфэрэндуме 14 траўня 1995 года ўзялі ўдзел 65% выбарнікаў. За наданьне расейскай мове статусу дзяржаўнай прагаласавала 83% тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі; за новыя дзяржаўныя сымбалі — 75%; за дзеяньні прэзыдэнта, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расеяй, — 82%; за неабходнасьць зьменаў у Канстытуцыі, якія даюць права прэзыдэнту распускаць парлямэнт у выпадку грубага парушэньня апошнім Асноўнага Закону, — 78%.
Такі вынік лёгка было прадказаць. У першым (аб мове) і трэцім (аб адносінах з Расеяй) пытаньнях насельніцтва даўно і цьвёрда вызначылася. Пра гэта сьведчылі шматлікія сацыялягічныя апытаньні цягам папярэдніх чатырох гадоў. Што да другога (аб сымболіцы) і чацьвёртага (аб праве прэзыдэнта распускаць парлямэнт) пытаньняў, то станоўчы адказ на іх быў штучна сфармаваны афіцыйнай прапагандай напярэдадні рэфэрэндуму. Ніякіх сур’ёзных дыскусіяў аб праблемах, якія выносіліся на ўсенароднае галасаваньне, не было. Дзяржаўныя СМІ «гулялі ў адны вароты» строга паводле пляну прапагандысцкай кампаніі, распрацаванай у адміністрацыі прэзыдэнта.
Сымбалі на плякатах і тыя ўзоры, за якія галасавалі дэпутаты, зацьвярджаючы пытаньні рэфэрэндуму, аказаліся рознымі
Найбольш яскрава ўсе падтасоўкі і парушэньні закону праявіліся пры галасаваньні аб сымболіцы. Па-першае, выбарнікі мусілі даць адзін адказ на два розныя пытаньні, якія датычыліся герба і сьцяга. Па-другое, задавалася пытаньне аб новых сымбалях наагул, а не аб канкрэтных, выявы якіх прэзыдэнт абяцаў надрукаваць у кожным бюлетэні, але не зрабіў гэтага. Па-трэцяе, сымбалі, выяўленыя на плякатах, і тыя ўзоры, за якія галасавалі дэпутаты, зацьвярджаючы пытаньні рэфэрэндуму, аказаліся рознымі. (У гербе, напрыклад, зьявіўся контур Беларусі і зорка.) Па-чацьвёртае, на афіцыйных плякатах на выбарчых участках было закрэсьлена слова «супраць», г. зн. вялася аднабаковая агітацыя, што забаранялася законам.
Паводле заканадаўства рашэньні, прынятыя на рэфэрэндуме, уступалі ў сілу толькі пасьля зацьвярджэньня іх Вярхоўным Саветам. Аднак 16 траўня, адразу ж пасля абнародаваньня вынікаў рэфэрэндуму, без рашэньня парлямэнту на дзяржаўных установах былі вывешаныя новыя сьцягі. Кіраўнік справаў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў асабіста памяняў сьцяг на будынку адміністрацыі прэзыдэнта, разарваў бел-чырвона-белы сьцяг і расьпісаўся на шматках. Перамогу над нацыянальнай сымболікай запісалі на відэакамэру — для гісторыі.
Якія тэндэнцыі выявіў рэфэрэндум
Вынікі рэфэрэндуму, у прыватнасьці, галасаваньне за расейскую мову, новую сымболіку, якая моцна нагадвала БССРаўскую, эканамічную інтэграцыю з Расеяй пацьвердзілі зафіксаваную прэзыдэнцкімі выбарамі настальгію большасьці насельніцтва Беларусі па СССР. І нават сьцьвярджальны адказ на чацьвёртае пытаньне рэфэрэндуму (аб праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет) адлюстраваў тыпова савецкія ўяўленьні большасьці аб функцыях парлямэнту і прэзыдэнта. Вынікі ўсенароднага галасаваньня сьведчылі аб недастатковай сталасьці беларускае дзяржаўнасьці, зыбкасьці сувэрэнітэту, глыбокім грамадзкім расколе ў стаўленьні да фундамэнтальных каштоўнасьцяў.
Парлямэнцкія выбары, якія прайшлі адначасова з рэфэрэндумам, зафіксавалі перавагу левых партыяў. Так рэфэрэндум і парлямэнцкія выбары пацьвердзілі рост падтрымкі грамадзтвам левых партыяў, якая выявілася яшчэ на прэзыдэнцкіх выбарах. Вяртаньне да чырвонага сьцяга было дапоўненае абраньнем «чырвоных» дэпутатаў. Гэта азначала, што антыкамуністычны і «антыэсэсэраўскі» імпульс, атрыманы падчас гарбачоўскай перабудовы, хутка скончыўся.
Адкат назад адбыўся найперш у ідэалягічнай сфэры
Большасьць таго, што ўдалося заваяваць нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі на той момант, замацаваць і захаваць не ўдалося. Адкат назад адбыўся найперш у ідэалягічнай сфэры. З моманту набыцьця краінай незалежнасьці ў сыстэме адукацыі і ў мэдыя замест савецкай ідэалёгіі стала паступова зацьвярджацца канцэпцыя беларускага нацыянальнага адраджэньня. Аднак у масавай сьвядомасьці бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня, як і беларуская мова, успрымаліся ня столькі як нацыянальна-дзяржаўныя сымбалі, а як атрыбуты Беларускага народнага фронту. Яны прыйшлі разам зь незалежнасьцю і апынуліся як бы вінаватымі за ўсе сацыяльна-эканамічныя беды, што абрынуліся на галовы людзей пасьля распаду СССР.
Рэфэрэндум паклаў канец спробам дзяржавы цягам 1990–1995 гадоў узьняць, умацаваць статус беларускай мовы ў грамадзтве. Пэрыяд, які, магчыма, увойдзе ў гісторыю як «другая беларусізацыя» (першая была ў 1920-я гг.), быў гвалтоўна перапынены. Пасля рэфэрэндуму пачаўся адваротны працэс. Вырашальную ролю адыграла асабістая пазыцыя Лукашэнкі.
Калі ў 1994/1995 навучальным годзе на беларускай мове вучыліся 60% першакляснікаў, то ў 1995/1996 — 32%, а ў 1996/1997 навучальным годзе — 18%. У Менску з 110 беларускамоўных школ засталося 17, а ў Горадні з 27 — толькі 1.
Аднаўленьне савецкай сымболікі, вяртаньне сьвята Кастрычніцкай рэвалюцыі, адмова ад некаторых падручнікаў гуманітарных дысцыплінаў, якія зьявіліся за гады незалежнасьці, толькі дапаўнялі агульную карціну.
Рэфэрэндум быў мяжой, якая паклала пачатак зьмене дзяржаўнай ідэалёгіі. Замест ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня ў краіне стала сьцьвярджацца ідэалёгія «славянскага адзінства» ці, гаворачы па-іншаму, панславізму. Цяпер яна трансфармавалася ў канцэпцыю «рускага сьвету».
Як Лукашэнка выкарыстаў перамогу
Гэта быў трыюмф Лукашэнкі. Ён атрымаў усё, што хацеў. Станоўчыя адказы на пытаньні рэфэрэндуму, які ініцыяваў Лукашэнка, афіцыйныя прапагандысты інтэрпрэтавалі як вотум даверу кіраўніку дзяржавы, падтрымку ягонага палітычнага курсу. У нейкай ступені гэта было сапраўды так. Сам ён успрыняў вынікі рэфэрэндуму як карт-блянш на далейшую канцэнтрацыю ўлады ў сваіх руках.
Лукашэнка атрымаў поўную перамогу над сваім галоўным супернікам — Беларускім народным фронтам
Лукашэнка атрымаў поўную перамогу над сваім галоўным супернікам — Беларускім народным фронтам. Трэба адзначыць, што ён нанёс паразу нацыянальна арыентаванай і лібэральнай апазыцыі па частках. На рэфэрэндуме 1995 году супраць беларусізацыі галасавала і частка лібэральнай інтэлігенцыі. Адпрэчваючы ўвядзеньне беларускай мовы ў сфэры адукацыі і дзяржаўнага справаводзтва, яе прадстаўнікі не разумелі, што адмова ад заваёваў пэрыяду дэмакратызацыі стане пачаткам сыстэмных контрарэформаў, а на зьмену беларусізацыі прыйдзе зусім не лібэралізацыя на эўрапейскі манер, не фармаваньне нейкай наднацыянальнай грамадзянскай супольнасьці заходняга кшталту, а саветызацыя грамадзкага жыцьця. Наступны рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году стаў ужо ўдарам па дэмакратыі.
Упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі Лукашэнка прадэманстраваў магчымасьці манаполіі дзяржавы на радыёэлектронныя мэдыя. Ад савецкага пэрыяду і часу праўленьня Вячаслава Кебіча інфармацыйны таталітарызм новага ўзору адрозьніваўся бесцырымоннасьцю, агрэсіўнасьцю, адраснай накіраванасьцю. Выявілася, што ў большасьці насельніцтва не было імунітэту супраць «чорнага» піяру. Людзі былі проста псыхалягічна не гатовыя да яго і аказаліся ня ў стане паверыць таму, што прэзыдэнт можа так беспардонна скажаць факты.
Рэфэрэндум 1995 году адкрыў шлях задушэньня ўладамі ідэалёгіі беларусізацыі ў этнакультурным варыянце. Гэта адчыніла дзьверы расейскаму ідэалягічнаму і культурнаму ўплыву. Моцна паскорыўся працэс фармаваньня рэжыму асабістай улады Лукашэнкі. Дзесяцімільённая краіна апынулася ў закладніках аднаго чалавека. Пасьля 2020 году гэтыя працэсы, распачатыя 30 гадоў таму, толькі паскорыліся.
Форум