Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі Ўкраіны і Расеі прыбылі ў Турэччыну для перамоваў аб міры

абноўлена

Журналісты чакаюць пачатку перамоваў каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Стамбуле
Журналісты чакаюць пачатку перамоваў каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Стамбуле

Зяленскі ў Турэччыне сустракаецца з Эрдаганам у Анкары, але, выглядае, ён не паедзе ў Стамбул на перамовы з Расеяй. Тым часам Трамп ня выключыў, што далучыцца да перамоваў у пятніцу ў выпадку, калі Расея і Ўкраіна дасягнуць прагрэсу.

У Стамбул для мірных перамоваў прыляцелі дэлегацыі Ўкраіны і Расеі. Чакаецца, што перамовы пройдуць у палацы Далмабахчэ, рэзыдэнцыі прэзыдэнта Турэччыны. Іх дакладны час пакуль не абвешчаны, крыніцы ў МЗС Турэччыны паведамілі, што перамовы чакаюцца ў другой палове дня.

Хто з расейскага боку

Прэсавы сакратар расейскага прэздэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Пуціна на перамовах у Стамбуле ня будзе. Пуцін позна ўвечары 14 траўня вырашыў, што расейскую дэлегацыю ў Стамбуле на перамовах з Украінай 15 траўня ўзначаліць памочнік Уладзіміра Пуціна Ўладзімір Мядзінскі. Ён ужо ўзначальваў расейскую перамоўную групу ў 2022 годзе.

У расейскую дэлегацыю таксама ўвайшлі намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Міхаіл Галузін, начальнік Галоўнага ўпраўленьня расейскага Генэральнага штабу Ігар Касьцюкоў, намесьнік міністра абароны Аляксандар Фамін, — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Крамля.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін напярэдадні правёў нараду аб рыхтаваньні перамоваў з удзелам расейскай дэлегацыі, міністраў і камандзіраў груповак войскаў.

Хто з украінскага боку

У склад украінскай дэлегацыі, паводле зьвестак украінскага выданьня New Voice, увойдуць кіраўнік Офісу прэзыдэнта Андрэй Ярмак, міністар абароны Рустэм Умераў, кіраўнік МЗС Андрэй Сыбіга і памочнік прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Жоўква. Пазьней інфармацыя пра Ўмерава пацьвердзілася, ён сапраўды ўзначаліць украінскую дэлегацыю.

Кіраўнік МЗС Украіны Андрэй Сыбіга напярэдадні сустрэўся зь дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё і кіраўнікамі МЗС Нямеччыны, Польшчы й Францыі.

Сёньня ж у Анкары заплянаваная сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і Турэччыны Ўладзіміра Зяленскага і Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Але на мірных перамовах Зяленскага, імаверна, ня будзе, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Уладзімір Зяленскі ( у цэнтры) ў Анкары
Уладзімір Зяленскі ( у цэнтры) ў Анкары

Уладзімір Зяленскі, прыбыўшы ў Анкару, заявіў, што пра далейшыя крокі ў перамовах з Расеяй ён абвесьціць пасьля сустрэчы з прэыдэнтам Турэччыны Рэджэпам Таіпам Эрдаганам:

«Што да сустрэч на высокім узроўні, то мы пачнем з сустрэчы з прэзыдэнтам Эрдаганам, вялікай турэцкай дэлегацыяй. Мы кантактуем з амэрыканскім бокам, і я думаю, што яны таксама будуць у Турэччыне на высокім узроўні. Паглядзім, але ўзровень расейцаў мне пакуль афіцыйна невядомы. Але з таго, што мы бачым, гэта больш падобна на бутафорскі ўзровень. Мы падумаем, што будзем рабіць, якімі будуць нашы крокі, пасьля размовы з прэзыдэнтам Эрдаганам. Я думаю, у нас будзе некалькі гадзін для важнай размовы, вельмі важных рашэньняў», — сказаў прэзыдэнт Зяленскі.

Галоўнай мэтай перамоваў Зяленскі назваў заканчэньне баявых дзеяньняў.

Раней Зяленскі заявіў, што адсутнасьць Пуціна на перамовах будзе выразным сыгналам таго, што ён насамрэч не зацікаўлены ў міры.

Тым часам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня выключыў, што можа далучыцца да перамоваў 16 траўня, калі на перамовах паміж Украінай і Расеяй будзе прагрэс. Гэтую заяву ён зрабіў у сталіцы Катару, ад якой да Стамбулу чатыры гадзіны палёту.

Шлях да перамоваў

7 траўня віцэ-прэзыдэнт ЗША Дж. Д. Вэнс заявіў, што беспасярэднія перамовы паміж Расеяй і Ўкраінай ёсьць прыярытэтам.

10 траўня эўрапейскія лідэры ў Кіеве далучыліся да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў закліку да 30-дзённага спыненьня агню, якое мела пачацца 12 траўня, папярэдзіўшы, што Расея сутыкнецца з дадатковымі санкцыямі, калі не пагодзіцца на перамір’е.

Празь некалькі гадзін, пасьля поўначы, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін паспрабаваў зьмяніць сытуацыю, заклікаўшы да наўпроставых перамоваў у Стамбуле 15 траўня і заявіўшы, што спыненьне агню можа адбыцца толькі ў выніку перамоваў.

Гэтым Пуцін перакінуў мяч на бок Украіны, але Зяленскі адбіў яго, заявіўшы, што будзе ў Турэччыне 15 траўня, і заклікаўшы Пуціна зьявіцца на іхную асабістую сустрэчу, першую за больш чым пяць гадоў.

У Расеі 14 траўня кіраваць дэлегацыяй прызначылі памочніка Пуціна Ўладзіміра Мядзінскага.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG