Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволены актывіст БНФ Фёдараў не патрапіў пад амністыю


Аляксандар Фёдараў
Аляксандар Фёдараў
Асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі кіраўнік шклоўскай суполкі партыі БНФ Аляксандар Фёдараў не патрапіў пад амністыю. Ад 25 студзеня ён адбывае пакараньне ў Шклоўскай папраўчай калёніі адкрытага тыпу № 49.

Да пераводу на "хімію" Аляксандар Фёдараў больш за паўтара года ўтрымліваўся ў магілёўскай калёніі № 15. За час зьняволеньня ў яго не было дысцыплінарных пакараньняў, і ён разьлічваў на вызваленьне па амністыі.

У афіцыйным тлумачэньні гаворыцца, што артыкулы, па якіх асуджаны Аляксандар Фёдараў, — карупцыйныя і не падпадаюць пад амніставаньне. Сам жа зьняволены актывіст заяўляе, што не патрапіў пад амністыю з палітычных матываў:

"Мне наўпрост кажуць: калі б я не займаўся палітычнай дзейнасьцю я ўжо даўно ня тое што быў бы дома, а мяне нават і не судзілі. Да так званага УДО мне засталося адседзець да 17 верасьня. Мне намякнулі ўжо, што, улічваючы маё бээнэфаўскае мінулае і сучаснае, умоўна-датэрміновага вызваленьня мне не відаць. Буду сядзець да канца".

Аляксандру Фёдараву засталося адседзець менш за два гады. На "хіміі" ён працуе ў будаўнічай арганізацыі па дванаццаць гадзінаў з адным выходным на тыдні. Адміністрацыя спэцкамэндатуры не дазволіла Фёдараву адбыць рэшту пакараньня па месцы прапіскі ў Шклове:
Яны баяцца, што я буду займацца палітычнай дзейнасьцю...

"Хаця такія прэцэдэнты існуюць. У нас некалькі чалавек тутэйшых пражываюць дома ў сям’і. За ўвесь час зьняволеньня на зоне й на "хіміі" ў мяне няма ня тое што правапарушэньняў, а нават заўвагаў. Яны баяцца, што я буду займацца палітычнай дзейнасьцю, пагатоў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў".

Як кажа Фёдараў, у спэцкамэндатуры няма людзкіх умоваў, каб адбываць пакараньне. На сто пяцьдзясят зьняволеных — толькі чатыры месцы ў прыбіральні і пяць умывальнікаў. Маленькі пакой для гатаваньня ежы зь дзьвюма электраплітамі. Маленькая ядальня. Свой перавод з зоны на "хімію" Аляксандар Фёдараў называе вымушанай ласкай дзяржавы:

"Усе зоны перапоўненыя. Там стаяць ложкі ня ў два ярусы, а ў тры. Стаяць ложкі ў "ленінскіх пакоях". Чыста фізычна дзяржава вымушана так часта рабіць амністыі, бо садзіць ужо няма куды".

Аляксандра Фёдарава затрымалі 14 чэрвеня 2007 году. 1 красавіка 2008 году Шклоўскі раённы суд асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, прысабечваньні дзяржаўнай маёмасьці й нанясеньні дзяржаве шкоды ў памеры васямнаццаці мільёнаў рублёў. Сваёй віны Фёдараў не прызнае. Ужо з калёніі ён пісаў скаргі, у якіх даводзіў сваю невінаватасьць.

Аляксандар Фёдараў — актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яго арыштоўвалі на загад пракурора раёну.



Да зьняволеньня Аляксандар Фёдараў кіраваў трыма кацельнымі ў Шклове. Дзьве зь іх былі цэнтральнымі і лічыліся ўзорнымі. Яны ацяплялі важныя дзяржаўныя аб’екты — райвыканкам, пракуратуру, школы. Выяўленыя ў ходзе сьледзтва парушэньні Фёдараў аргумэнтаваў тым, што кацельныя недастаткова фінансаваліся і ён быў вымушаны шукаць магчымасьцяў, каб падтрымліваць іх у працоўным стане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG