Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы дапамаглі шклоўскім «хімікам» кнігамі


Аляксандар Фёдараў
Аляксандар Фёдараў

Няўрадавая арганізацыя «Магілёўскі праваабарончы цэнтар» сёньня перадала шклоўскай калёніі адкрытага тыпу № 49 дзьвесьце асобнікаў кніг. Тут адбывае пакараньне кіраўнік шклоўскай суполкі партыі БНФ Аляксандар Фёдараў. Паводле яго, у спэцкамэндатуры асуджаныя ня маюць магчымасьці чытаць кнігі, бо няма бібліятэкі.

«Няма нічога па літаратуры абсалютна. Калі шчыра, то тут і не да кніжак. На сто пяцьдзясят чалавек толькі пяць кабінак прыбіральні, пяць умывальнікаў. Во такія тут бытавыя ўмовы. Кантынгент тут у асноўным яшчэ той, ёсьць крымінал, але ў асноўным бытавуха — п’яніцы ды дэбашыры. Калі ўдасца выцягнуць з гэтай бездані два-чатыры чалавекі, то гэта будзе перамога. Трэба дзейнічаць, канечне, у тым ліку й кнігамі», — паведаміў «Свабодзе» Аляксандар Фёдараў.

Як кажа Фёдараў, кіраўніцтва ініцыятыву праваабаронцаў успрыняло спачатку насьцярожана:

Калі шчыра, то тут і не да кніжак. На сто пяцьдзясят чалавек толькі пяць кабінак прыбіральні.
«Я пераконваў, што гэта добра ня толькі „хімікам“, але й начальніку „хіміі“, што ён для „хіміі“ нешта робіць, бо бібліятэка — гэта культурнае разьвіцьцё».

Магілёўскі праваабарончы цэнтар атрымаў ад гарадзкіх бібліятэк 4,5 тысячы асобнікаў кніг, каб разьмеркаваць іх па турмах Магілёўшчыны. Дырэктар арганізацыі Ўладзімер Краўчанка сьцьвярджае, што цэнтралізаванай сыстэмы забесьпячэньня турмаў кнігамі няма:

«Толькі дапамога людзей збоку забясьпечвае іх бібліятэкамі. Альбо людзі, якія сядзяць, кніжак не забіраюць з турмаў — ў імі і папаўняюць бібліятэкі. Мы адправілі частку атрыманых кніг у сьледчы ізалятар Управы ўнутраных спраў, прыёмнік-разьмеркавальнік, там у іх наагул бібліятэк не было. Вось цяпер у іх зьявілася бібліятэка на 240 кніжак. Адправілі ў спэцвучэльню для папаўненьня бібліятэкі. Павязём і ў іншыя калёніі».

Што да асуджанага па крымінальнай справе Аляксандра Фёдарава, то, будучы ад 25 студзеня «хімікам», ён ня можа знайсьці сабе сталай працы:

«У Шклове мне фактычна забаранілі працаваць. Як мне сказалі, паводле негалоснага распараджэньня райвыканкаму — мне працу па спэцыяльнасьці не даваць. Я ж у камунальнай гаспадарцы адпрацаваў 13 гадоў».

Да пераводу на «хімію» Фёдараў адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі № 15.

Аляксандра Фёдарава затрымалі 14 чэрвеня 2007 году. 1 красавіка 2008 году Шклоўскі раённы суд асудзіў яго на пяць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. Спадар Фёдараў прызнаны вінаватым у злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, прысабечваньні дзяржаўнай маёмасьці й нанясеньні дзяржаве шкоды ў памеры васямнаццаці мільёнаў рублёў. Сваёй віны Фёдараў не прызнае. Будучы ў калёніі, ён пісаў скаргі, у якіх даводзіў сваю невінаватасьць.

Да арышту Фёдараў у Шклоўскім раёне кіраваў трыма кацельнямі. Дзьве зь іх лічыліся ўзорнымі.

Аляксандар Фёдараў — актыўны ўдзельнік выбарчых кампаніяў. У 2001 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў, яго арыштоўвалі на загад пракурора раёну, але хутка вызвалілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG