Перад разьвітаньнем Пуціна з Жырыноўскім ад труны адышла ганаровая варта

Пуцін разьвітваецца з Жырыноўскім

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прыехаў на цырымонію разьвітаньня зь лідэрам ЛДПР Уладзімірам Жырыноўскім, якая праходзіць у Калённай зале Дома Саюзаў у Маскве.

Раней у храме Хрыста Збаўцы ў Маскве адправілі памінальную службу, чын адпяваньня зьдзейсьніў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.

СМІ зьвярнулі ўвагу на тое, што калі Пуцін прыбыў у залю, то каля труны зьнікла ганаровая варта, якая знаходзілася там да гэтага ўвесь час. Пасьля Пуціна чальцы ганаровай варты вярнуліся і знаходзяцца там і цяпер.

Жырыноўскі, фармальна знаходзячыся ў апазыцыі, фактычна быў саюзьнікам Крамля ва ўсіх ключавых пытаньнях.

Заснавальнік партыі ЛДПР, дэпутат Дзярждумы ўсіх васьмі скліканьняў Уладзімір Жырыноўскі памёр 6 красавіка на 76-м годзе жыцьця. З пачатку лютага ён знаходзіўся ў Цэнтральнай клінічнай лякарні, куды яго шпіталізавалі з каранавіруснай інфэкцыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі расьсьледаваньне пра былога і цяперашняга мужоў дачкі Пуціна