Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі расьсьледаваньне пра былога і цяперашняга мужоў дачкі Пуціна


Яўген Нагорны і Марыя Варанцова. Фота з расьсьледаваньня
Яўген Нагорны і Марыя Варанцова. Фота з расьсьледаваньня

Тэлеканал «Настоящее время» і выданьне «Медуза» апублікавалі сумеснае расьсьледаваньне аб былым і цяперашнім мужах старэйшай дачкі прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Марыі Варанцовай, днямі ўключанай у санкцыйны сьпіс ЗША разам з малодшай дачкой Пуціна Кацярынай Ціханавай.

Як ужо раней паведамлялі СМІ і як пацьвярджаюць крыніцы «Медузы», першым мужам Варанцовай быў нідэрляндзкі бізнэсовец Ёрыт Ёст Фаасэн, які цяпер жыве ў Расеі, а другім — маскоўскі мэнэджар Яўген Нагорны. Пра яго існаваньне да публікацыі расьсьледаваньня не было вядома. Абодва шлюбы Варанцовай не былі зарэгістраваныя афіцыйна.

Радыё Свабода друкуе поўны тэкст расьсьледаваньня.

Сьцьвярджаецца, што Ёрыт Фаасэн у 2000-я гады нейкі час жыў з Марыяй Варанцовай у Нідэрляндах, затым пераехаў у Расею, дзе заняўся бізнэсам «і адразу заняў прыкметныя пасады ў расейскіх дзяржкарпарацыях і кампаніях, якія належаць чальцам „блізкага кола“ Уладзіміра Пуціна». Цяпер ён адмаўляе свае стасункі з дачкой расейскага прэзыдэнта.

Нагорны ў пачатку 2010-х гадоў публікаваў у сацсетках апазыцыйныя відэаролікі, аднак затым закінуў сацсеткі — «цяпер ён лятае па сьвеце з Марыяй Варанцовай», піша «Настоящее время» са спасылкай на крыніцу. У красавіку 2017 году ў пары, як сьцьвярджаецца, нарадзілася дзіця — яно падарожнічае з бацькамі і носіць прозьвішча бацькі. Нагорны ў 2010-я гады стаў мэнэджарам газаздабыўнай кампаніі «Новатэк» і купіў кватэру ў Маскве, кошт якой ацэньваецца ў сотні мільёнаў расейскіх рублёў.

Героі расьсьледаваньня не адказалі на просьбы СМІ аб камэнтарах.

Уладзімір Пуцін не пацьвярджаў і не абвяргаў, што Варанцова і Ціханава зьяўляюцца ягонымі дочкамі. Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў, камэнтуючы ўвядзеньне санкцый супраць іх, сказаў, што Расея адкажа на санкцыі супраць чальцоў сем’яў расейскіх кіраўнікоў, тым самым фактычна прызнаўшы сваяцтва Варанцовай і Ціханавай з Пуціным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG