Эўрапейскія лідэры зьбіраюцца ў Тыране ў пятніцу, каб абмеркаваць надзённыя праблемы кантынэнту, у тым ліку вайну ва Ўкраіне, міграцыю і канкурэнтаздольнасьць.
Тэма саміту Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (EPC) у Тыране — «Новая Эўропа ў новым сьвеце: адзінства — супрацоўніцтва — сумесныя дзеяньні», піша AP.
«Паколькі расейская агрэсіўная вайна супраць Украіны працягваецца, яе наступствы выходзяць далёка за межы Украіны, ствараючы напружаньне для нашай бясьпекі і выпрабоўваючы нашу калектыўную ўстойлівасьць», — напісалі прэм’ер-міністар Альбаніі Эдзі Рама і прэзыдэнт Эўрапейскай рады Антонію Кошта ў запрашальным лісьце на саміт ЭПС.
Лідэры 47 эўрапейскіх краін запрошаныя ў альбанскую сталіцу на шостую сустрэчу Эўрапейскай палітычнай супольнасьці. Сустрэча сумесна арганізаваная прэмʼер-міністрам Альбаніі Эдзі Рамам і прэзыдэнтам Эўрапейскай рады Антонію Коштам. Лідэры абмяркуюць выклікі для бясьпекі, інавацыі і эканамічную ўстойлівасьць, а таксама міграцыю і магчымасьці для моладзі, паведаміла dpa.
Гэта будзе першы буйны саміт для канцлера Нямеччыны Фрыдрыха Мэрца пасьля ягонага ўступленьня на пасаду на мінулым тыдні.
Чакаецца ўдзел у сустрэчы прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона, прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Кіра Стармэра, прэм’ер-міністаркі Італіі Джорджы Мэлёні, прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага і многіх іншых.
Афіцыйны Менск на сустрэчу не запрашалі, але ў ёй возьме ўдзел Сьвятлана Ціханоўская. Яна плянуе ўзьняць тэмы вызваленьня палітвязьняў, падтрыманьня беларускай грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай будучыні Беларусі, вяртаньня Беларусі ў сям’ю эўрапейскіх народаў, паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.
ЭПС ініцыяваў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон пасьля нападу Расеі на Ўкраіну для нефармальнага дыялёгу паміж эўрапейскімі краінамі. Лідэры ЭПС упершыню сустрэліся ў кастрычніку 2022 году ў Празе, апошнім разам зьбіраліся ў Будапэшце ў лістападзе 2024 году.
Расея — адна з буйных эўрапейскіх дзяржаваў, якая не была запрошана на саміт разам зь Беларусьсю, якая дапамагае ёй у вайне з Украінай.
Наступная сустрэча ЭПС адбудзецца ў Даніі сёлета пазьней.
Форум