Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Добрая нагода вырвацца з рэальнасьці». Што паглядзець на фэстывалі «Месяц фатаграфіі ў Менску».


Месяц фатаграфіі ў Менску. Фота з праекту Тацяны Кузьняцовай CAMERA COVIDA
Месяц фатаграфіі ў Менску. Фота з праекту Тацяны Кузьняцовай CAMERA COVIDA

Нягледзячы на амаль штодзённыя акцыі пратэсту, жыцьцё гораду багатае і на культурныя падзеі. Вось што расказалі арганізатары і ўдзельнікі фэстывалю «Месяц фатаграфіі ў Менску».

Штогадовы «Месяц фатаграфіі» праходзіць ужо сёмы раз. Сёлета фэстываль сабраў 8 праектаў на тэму выжываньня ад беларускіх і замежных аўтараў. Тэму выбралі задоўга да таго, як пачалі разгортвацца палітычныя падзеі ў Беларусі, тлумачыць каардынатарка фэстывалю Вера Фядотава.

«Зыходным пунктам стаў пачатак пандэміі і разуменьне, што жыцьцё ня будзе ранейшым, а цяпер настаў час паразважаць над тым, як кожны чалавек паасобку і як мы разам можам паўплываць на новую рэчаіснасьць, якая канструюецца, на першы погляд, бяз нашага ўдзелу», — кажа Вера.

Сёлета зьмяніўся фармат фэстывалю: для бясьпекі наведнікаў асноўная экспазыцыя знаходзіцца на вуліцы, у дворыку «Корпуса».

«Пандэмія прадыктавала фармат выставы. Тое, што адбылося пасьля выбараў, ужо наклала свой адбітак, зусім іншы, калі мы можам паглядзець на словы „прыстасаваньне“, „выжываньне“ ў беларускім кантэксьце. Мы адмянілі ўсе лекцыі і прэзэнтацыі, упершыню да нас не прыехалі госьці — праз пандэмію і таму, што большасьць журналістаў, фатографаў і мастакоў проста заварочвалі на мяжы і не пускалі ў краіну», — тлумачыць дырэктар фэстывалю Андрэй Лянкевіч.

Калі прымалася рашэньне, рабіць ці не рабіць фэстываль, арганізатары прыйшлі да высновы, што гэтая падзея можа дапамагчы вырваць чалавека з пратэставага маратону, інфармацыйнага ціску.

«Асноўная і самая галоўная нагода — у тым, што ты можаш прыйсьці і на нейкі час выключыцца з парадку дня, пабавіць час, паглядзець, — кажа Андрэй Лянкевіч. — Можна прыйсьці ўвечары, калі там ужо ўключаецца асьвятленьне, гараць лайтбоксы. Проста адчуць і ўспомніць, што калісьці было і іншае жыцьцё, і можна было атрымліваць эстэтычную асалоду ад аб’ектаў, ад мастацтва. Гэта добрая нагода зрабіць паўзу і вырвацца з рэальнасьці хоць на нейкі час».

«Праект пра нябачную, але значную праблему — мікраплястык»

Здымкі Тацяны Кузьняцовай у праекце «Мікраплястык Everyday» адразу прыцягваюць увагу, бо зробленыя празь мікраскоп. Праект Тацяна зрабіла яшчэ летась, падчас дасьледаваньня вады ў рэках і азёрах Беларусі на наяўнасьць мікраплястыку. Атрымалася сэрыя здымкаў плястыкавых часьцінак, якія знаходзяцца ў вадзе, а таксама мікравалокнаў, якія ўтвараюцца ад сынтэтычных тканінаў.

«Мяне заварожвае, што мы настолькі жывём на нейкіх аўтаматызмах у паўсядзённасьці, што шмат якіх рэчаў проста не заўважаем. Нашыя фільтры накіраваныя на „хадзіць на працу“, „прыходзіць з працы“, „нешта гатаваць“, жыць нейкім сваім адладжаным жыцьцём. Але амаль усе экалягічныя праблемы, калі становяцца бачнымі, — ужо катастрофа. Я думаю, што акурат фатаграфія гэты фокус увагі дапамагае зьмяніць, запрасіць гледачоў задумацца пра нейкія іншыя тэмы».

Тацяна выкарыстала ў праекце рэчы, якія людзі дакладна ўжываюць амаль штодзённа: вільготныя сурвэткі, чайныя пакецікі, касмэтыку, цыгарэтныя фільтры і г. д.

«У іх спэцыяльна дадаюць мікраплястык, але гэтага для нас не існуе, пакуль мы гэтага ня ўбачым. Мне хацелася, каб людзі гэта ўбачылі, таму я трошкі „пашаманіла“ з касьмічнымі здымкамі мікраскопа ў графічных праграмах і сумясьціла з фатаздымкамі тых прадметаў, якія мы часта ўжываем у паўсядзённасьці. Гэты праект пра нябачную, але значную праблему — мікраплястык».

«Празь лінзу пандэміі ўсё пераламілася і стала больш відавочным»

У другім праекце («CAMERA COVIDu, або Вірус, якога няма») Тацяна Кузьняцова, знаходзячыся на самаізаляцыі, падглядала за вірлівым жыцьцём свайго дома ў дзьвярное вочка.


«Раней, калі я хадзіла ў офіс у сваіх справах, позна вярталася, я гэтага не заўважала. А цяпер, калі я ў кватэры, усё жыцьцё дома стала як на далоні. Я пачала падглядаць у вочка, і там былі сцэны, якія шакавалі. Галя, нефармальная лідэрка пад’езду, напівалася кожны дзень да такога стану, што не магла сама дайсьці да сваёй кватэры. Мужчыны, што пастаянна крычаць матам. Жанчына, якая перасоўваецца на вазку, як высьветлілася, два разы на дзень спускалася зь пятага паверху на карачках. Ускрыліся відавочныя сацыяльныя праблемы».

Тацяну моцна зьдзівіла, што шмат у каго зь яе пад’езду жыцьцё з надыходам пандэміі не зьмянілася. «Стала відавочнай лічбавая няроўнасьць. Тыя людзі, у каго быў доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, разумелі, што тое, што гавораць з тэлевізара, — гэта ня поўная праўда, вірус ёсьць. Але вось у людзей больш сталага веку амаль нічога і не зьмянілася. Гэта зьвязана і зь нейкім сацыяльным статусам, бо на працу ўсё ж трэба хадзіць, калі ты працуеш у дзяржаўных установах».

Асноўная ідэя праекту — паказаць стаўленьне дзяржавы да сацыяльных праблем.

«Наша дзяржава мала таго, што адмаўляе існаваньне вірусу, а значыць, нічога ня робіць, і ў той жа час яна сацыяльная да таго моманту, пакуль гэтых усіх праблемаў не існуе, як і вірусу. І гэтыя здымкі — як лінза, якая дазволіла нам убачыць нябачныя праблемы і зьвярнуць увагу на ўразьлівыя групы. Празь лінзу пандэміі ўсё пераламілася і стала больш відавочным — гэтаксама, як і ўскрыліся праблемы аднаго дома ў Менску», — кажа Тацяна.

«Мова чырвонага купальніка»

У фэстывалі ўдзельнічае яшчэ адна беларуская фатографка — Рыта Новікава. Яе праект «AQUA» — сэрыя аўтапартрэтаў, якія расказваюць пра экалягічныя праблемы праз «мову чырвонага купальніка».

«Я пазнаёмілася з творчасьцю Боба Кэры (амэрыканскі фатограф. — РС), які вырашыў падымаць дух хворай на рак жонкі сваімі аўтапартрэтамі ў ружовай балетнай пачцы. Гэта выглядала чароўна і пацешна. Пераглядаючы праект, у нейкі момант я пачала чытаць там боль, спачуваньне, клопат і любоў да ўсіх на сьвеце анкалягічных хворых. Так я знайшла для сябе гэтую магчымасьць гаварыць яркай і забаўнай мовай пра вялікія рэчы».

Рыта зрабіла першую карцінку на фоне трактара і сьметніка. «Мова чырвонага купальніка» паўстала стыхійна, з шафы, за 15 хвілін, у стане вострай прагі выказацца на тэму, кажа фатографка. Свой сродак выразу Рыта называе мовай пратэсту, мовай правакацыі, мовай сумневу.

«Працэс быў цікавы і цяжкі ў моманты дасьледаваньня, калі я крыху больш паглыбілася ў праблемы беларускай экалёгіі. І даволі вясёлы ў момант здымкаў. Але гэтая радасьць была падобная да чорнага гумару мэдыкаў або іншага цынічнага гумару, які непазьбежна ўзьнікае ў любым асяродзьдзі актывістаў у працэсе доўгай барацьбы».

Рыта ўпэўненая, што гаварыць пра экалёгію трэба заўжды, пастаянна спрабаваць дагрукацца да людзей з гэтай тэмай.

«У нашым спэцыфічным выпадку экалёгія і палітыка, на жаль, цесна зьвязаныя. Тая ж БелАЭС выклікае занадта шмат пытаньняў і сумневаў. Улада ўскладае эканамічныя надзеі, плюе на думку народу і міжнароднай супольнасьці і падкладае бомбу запаволенага дзеяньня пад будучыню кантынэнта. Такі падыход уладных структураў — непасрэдная пагроза нашай бясьпецы і бясьпецы прыродных экасыстэмаў».

Што яшчэ можна ўбачыць?

Паразважаць над праблемамі экалёгіі і перазагрузіцца дапамогуць праекты замежных аўтараў: Мары Лукашэвіч, Аліцыі Ўрублеўскай, Аліны Марыі Фрыске, Марсэля Рыклі, тандэму Лены Дабравольскай і Тэа Орманда-Скіпінга, Франсуазы Юг’е. У асноўнай экспазыцыі можна ўбачыць тры праекты беларускіх аўтарак: фатографкі Рыты Новікавай і экаактывісткі Тацяны Кузьняцовай.

«На выставе трэба звярнуць увагу на кожны з праектаў, бо ўсе яны заклікаюць паразважаць, што застанецца будучым пакаленьням, калі мы цяпер працягнем жыць па інэрцыі», — раіць каардынатарка фэстывалю Вера Фядотава.

У рамках «Месяца фатаграфіі» праекты можна будзе ўбачыць у Берасьці (арт-квартал CONSERVA) і ў Мазыры («Першы крок by Мазыр»). На фэсьце ў Любках, у Крэве і ў маёнтку графа Тышкевіча фэстываль пакажа фотаграфіці.

«Гэта вялікія фатаздымкі, надрукаваныя памерам у 5–6 мэтраў вышынёй. Мы разьмяшчаем іх на мурах, на старых і закінутых дамах, такім чынам вяртаючы памяць гэтых месцаў. Мы заўсёды працуем з архівамі, зь мясцовымі актывістамі», — тлумачыць дырэктар фэстывалю Андрэй Лянкевіч.

У Менску выставу можна паглядзець у культурным цэнтры «Корпус» і яго дворыку да 27 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG