Вядомы навуковец з Гомля, супрацоўнік Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны, дацэнт катэдры філязофіі, кандыдат філязофскіх навук Віктар Адзіночанка памёр у шпіталі 15 траўня. Паводле зьвестак выданьня «Флагшток», нядаўна ў Адзіночанкі выявілі анкалягічнае захворваньне на апошняй стадыі — лячэньне было ўжо амаль немагчымым.
Адзіночанка выдаў першы вучэбны дапаможнік для студэнтаў па рэлігіязнаўстве на беларускай мове. Ён аўтар шматлікіх навуковых публікацый. У жыцьці і на працы ён пасьлядоўна размаўляў па-беларуску, чым даваў землякам прыклад.
Віктар Адзіночанка родам з Рэчыцы, выкладаў ва ўнівэрсытэце рэлігіязнаўства, філязофію, эстэтыку, апошнім часам працаваў над абаронай доктарскай дысэртацыі, аднак, паводле зьвестак калегаў, атрымліваў перашкоды з боку некаторых прадстаўнікоў адміністрацыі ВНУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думаю, гэта магло быць самагубства». Гісторыя рэчыцкага актывіста, якога знайшлі мёртвым у ПольшчыАдзіночанка таксама быў вядомы як грамадзкі дзеяч, які вымушаны быў спыніць актыўнасьць пасьля 2020 году. Ён займаўся праваабарончай дзейнасьцю, незалежным назіраньнем за выбарамі, калі гэта было яшчэ магчыма, удзельнічаў у кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня. З-за гэтага быў пад кантролем уладных структураў.
Навукоўцу павінна было споўніцца ў чэрвені 63 гады. У яго засталіся жонка і двое маленькіх дзяцей ад апошняга шлюбу. Малодшаму дзіцяці ўсяго каля трох месяцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр беларускі этноляг Міхаіл Піліпенка