Пасьля менскіх заяваў экс-кандыдата ў прэзыдэнты Літвы Вайткуса паліцыя пачала крымінальнае расьсьледаваньне

Эдуардас Вайткус у Менску 12 траўня 2025 году

Паліцыя Віленскай акругі пачала расьсьледаваньне ў сувязі з заявамі былога кандыдата ў прэзыдэнты Літвы Эдуардаса Вайткуса ў Менску, піша Delfi.

Яму пагражае ад 2 да 7 гадоў за дапамогу іншай краіне ў дзеяньнях супраць Літоўскай Рэспублікі.

12 траўня ў Менску Вайткус заявіў, што ў Літвы няма легітымнага прэзыдэнта, бо падчас прэзыдэнцкіх выбараў было шмат парушэньняў.

Ён таксама раскрытыкаваў улады Літвы, якія, на ягоную думку, вядуць краіну «шляхам зьнішчэньня і літоўцаў, і дзяржаўнасьці». І заявіў, што на леташніх прэзыдэнцкіх выбарах быў адзіным кандыдатам, які выступаў супраць вайны з Расеяй.

На думку Вайткуса, улады Літвы дазваляюць сабе грубыя ўмяшаньні ў справы беларускай дзяржавы, што цалкам недапушчальна, пісала БЕЛТА.

14 траўня генэральны пракурор Літвы Ніда Грунскене даручыла паліцыі пачаць высьвятленьне фактычных абставін заяваў былога кандыдата ў прэзыдэнты Літвы Эдуардаса Вайткуса, зробленых у Менску, паведаміла BNS.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падпал у гандлёвым цэнтры ў Варшаве назвалі дывэрсіяй расейскіх спэцслужбаў. Раней у падобным абвінавацілі беларуса

Хто такі Эдуардас Вайткус

Літоўскі доктар і палітык Эдуардас Вайткус на прэзыдэнцкіх выбарах 2024 году ў Літве набраў 7,3% галасоў. Гэта быў пяты вынік сярод васьмі кандыдатаў. Прычым у блізкіх да беларускай мяжы Салечніках і Вісагінасе за яго прагаласавала бальшыня тых, хто прыйшоў на выбары.

Раней у тым жа годзе Вайткус ачоліў сьпіс Літоўскай народнай партыі на парлямэнцкіх выбарах, але партыя не пераадолела выбарчага бар’еру, набраўшы 2,6%.

У 2023 годзе Эдуардас Вайткус заявіў у інтэрвію Elta, што «высылка зь Літвы беларускай жанчыны, якая заявіла пра намер сілай зрынуць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, стала б знакам добрасуседзтва і дэманстрацыяй канца палітыкі ўмяшаньня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кандыдат у прэзыдэнты Літвы, які заклікаў да выправаджэньня Ціханоўскай, наведаў Менск