Улады Беларусі назвалі «экстрэмісцкім фармаваньнем» праект, да якога меў дачыненьне памерлы год таму добраахвотнік-каліновец

Аляксандар Царук

Сьпісы гэтак званых «экстрэмісцкіх фармаваньняў» і «экстрэмісцкіх матэрыялаў» растуць амаль штодня.

Цяпер у «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх фармаваньняў», які складаюць у МУС, дададзена прозьвішча Аляксандра Царука. Пры гэтым мужчына памёр год таму. Ён названы датычным да праекту «Ямницкий Флот».

Таксама, паводле МУС, дачыненьне да праекту мае Андрэй Тупоўскі.

У 2020 годзе Аляксандар Царук быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах. Яго некалькі разоў затрымлівалі: агулам ён правёў за кратамі 40 содняў. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Аляксандар далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў — тады яшчэ батальёну Каліноўскага і ўзяў пазыўны «Сашко».

Па вяртаньні з вайны мужчына цяжка захварэў на анкалягічную хваробу і памёр. Яго пахавалі летась у красавіку ў Вільні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Звольнілі з працы і пастаянна затрымлівалі». Чаму актывіста з Магілёва затрымалі на мяжы зь Літвой

Сярод дзясяткаў старонак і матэрыялаў, дададзеных у сьпіс гэтым разам, ёсьць кніга «Беларусь на разломе», напісаная эканамістамі Леанідам Заікам і Яраславам Раманчуком у 2008 годзе. У кнізе ацэньваліся тэндэнцыі тагачаснай дзяржаўнай эканомікі і прапаноўваліся шляхі разьвіцьця Беларусі з рыначнай эканомікай, эўрапейскай арыентацыяй і паводле дэмакратычных прынцыпаў.

У кнізе аўтары прапаноўвалі спосабы, як дзяржава можа ашчаджаць і эканоміць грошы эфэктыўным спосабам, аналізавалі замежную практыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мутная вада сусьветных пераменаў — спрыяльнае асяродзьдзе для Лукашэнкі, — Яраслаў Раманчук