Расея нанесла ракетны ўдар па Запарожжы. Ёсьць загінулыя

Пашкоджаная ў выніку расейскага ракетнага ўдару царква ў Запарожжы

Сама меней тры чалавекі загінулі ў выніку расейскага ракетнага ўдару па горадзе Запарожжы ўвечары 9 жніўня.

У Запарожжы, паводле апошніх зьвестак, у выніку расейскага ўдару па жылым квартале сямёра людзей атрымалі раненьні, два чалавекі загінулі, паведаміў міністар унутраных справаў Украіны Ігар Кліменка.

«Спачатку інфармацыя была пра трох загінулых. На шчасьце, аднаго чалавека ўдалося рэанімаваць. Мэдыкам на месцы дапамагалі парамэдыкі паліцыі», — напісаў ён у тэлеграме.

Зранку, аднак, высьветлілася, што ахвяраў удару ўсё ж тры.

Кліменка дадаў, што пацярпелі людзі, якія падчас удару былі на вуліцы. Паводле яго, ратавальнікі апэратыўна зьліквідавалі пажар у гаспадарчым будынку.

Як паведаміў сакратар Запароскай гарадзкой рады Анатоль Курцеў, паводле папярэдняй інфармацыі, у пяці шматпавярховых дамах і ў трох навучальных установах выбітыя шыбы.

МУС Украіны паведаміла, што ў выніку ракетнага абстрэлу разбураныя праваслаўная царква і супэрмаркет.

Расейскія тэлеграм-каналы сьцьвярджаюць, што цэльлю ўдару быў завод «Мотор Січ».

Цяпер у Запароскай вобласьці зноў абвясьцілі паветраную трывогу. Кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Юры Малашка паведаміў, што гэта зьвязана з актыўнасьцю тактычнай авіяцыі расейскіх войскаў.

Расейскія войскі рэгулярна абстрэльваюць частку Запароскай вобласьці і горад Запарожжа. Абласны цэнтар з прычыны блізкасьці да фронту часта зазнае напады з сыстэмаў С-300. Пры гэтым Масква адмаўляе абстрэлы мірнага насельніцтва ва Ўкраіне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Запарожжы пры расейскай атацы на школу, дзе выдавалі гуманітарную дапамогу, загінулі цывільныя