Старшыня Вярхоўнага суду пахваліўся, наколькі судзьдзям у Беларусі стала працаваць лягчэй

Зьлева направа: Пётар Міклашэвіч, Валянцін Сукала, Леанід Анфімаў у Савеце Рэспублікі. Архіўнае фота, 2019 год

«Працэдуры судовыя настолькі скарочаны, спрошчаны, што яны не параўнальныя з тым, што было раней», – паведаміў старшыня Вярхоўнага Суду Валянцін Сукала ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1», паведамляе БЕЛТА.

«Нам удалося знайсьці тую аптымальную сярэдзіну паміж якасьцю і хуткасьцю правасудзьдзя. Даўняя мара і задача ўсіх тых, хто займаецца судовымі рэформамі, – зрабіць суд хуткім, правым і роўным», – сказаў Валянцін Сукала, удакладніўшы, што пад «роўны» разумеецца «справядлівы».

Што да справядлівасьці, старшыня Вярхоўнага Суду падкрэсьліў, што гэта важнейшы прынцып правасудзьдзя, які адлюстраваны і ў заканадаўстве.

Разам з тым, заўважыў Сукала, справядлівым можа прызнавацца тое судовае рашэньне, якое зьяўляецца ня толькі фармальна законным, але і выканальным, якое ўспрымаецца грамадзтвам. «Калі гэта ўдала супадае, тады можна лічыць, што такое судовае рашэньне справядлівае і суд максымальна выканаў сваю задачу», – сказаў ён.

Сукала паведаміў, што агульная адмена судовых рашэньняў у Беларусі складае да 2%.

  • Паводле праваабаронцаў, на красавік 2023 году ў беларускіх турмах знаходзіцца як найменш паўтары тысячы палітвязьняў, у дадатак велізарная колькасьць «палітычных» сядзяць за кратамі па адміністрацыйных артыкулах. Відавочцы адзначаюць, што суды над «палітычнымі» ператварыліся ў канвэер, судзьдзі не прымаюць пад увагу ні паказаньні сьведкаў, ні рэчавыя доказы, якія апраўдваюць падсудных. На разгляд «палітычных» справаў часам адводзіцца некалькі хвілінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Позірк палітвязьня ні з чым не пераблытаеш». Вольга Класкоўская пра найгоршую турму, 10 этапаў, усьмешку Калесьнікавай, бутэрброды Шарэндзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку арыштоўваюць яны, потым прыйдуць па іх. Пра лёгіку лукашэнкаўскіх палітычных рэпрэсій