Хроніка перасьледу 28 красавіка: на аршанскага праваабаронцу завялі справу за абразу Лукашэнкі, ператрус у магілёўскіх журналістаў

Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі не спыняецца перасьлед грамадзян за іх грамадзянскую пазыцыю. Праўда, прычыны і акалічнасьці многіх затрыманьняў нярэдка робяцца вядомымі нашмат пазьней.

Затрыманьне дачкі пісьменьніка

Праваабаронцам стала вядома, што ў Менску 26 красавіка затрымалі 26-гадовую Сафію Скоблу. Акалічнасьці і прычына затрыманьня пакуль невядомыя. Дзяўчына зараз знаходзіцца на Акрэсьціна. Складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня.

Сафія — дачка вядомага беларускага пісьменьніка і журналіста Міхася Скоблы і былой выкладчыцы Ўнівэрсытэту культуры, сьпявачкі Натальлі Матыліцкай.

Справа на аршанскага праваабаронцу за абразу Лукашэнкі

Праваабаронца і журналіст з Воршы Ігар Казьмярчак даведаўся, што на яго завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу за абразу Лукашэнкі.

«Цікава тое, што завялі справу 1 красавіка — у Дзень дурня. Ці то мяне так павіншавалі. Думаў, нешта арыгінальнае прыдумаюць, бо раней ужо заводзілі за распаўсюд парнаграфіі, фальшываманэцтва і нясплату падаткаў», — так праваабаронца пракамэнтаваў дзеяньні аршанскіх сьледчых.

Усе папярэднія крымінальныя справы супраць Казьмерчака ў выніку былі спыненыя. Сам праваабаронца і галоўны рэдактар рэгіянальнага сайту Orsha.eu вымушана пакінуў краіну празь перасьлед.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 27 красавіка: «хатняя хімія» за надпіс «No war», затрыманьне выкладчыка на лекцыі, 5-ы запар суд над Вольгай Брыцікавай

Ператрус у рэдакцыі магілёўскага парталу навінаў

Як паведамляе тэлеграм-канал Mayday Team, цяпер адбываецца ператрус у журналістаў з рэдакцыі мясцовага невялікага парталу навінаў promogilev.by. Прычыны невядомыя. У 2020 годзе сайт асьвятляў некаторую пратэставую актыўнасьць, аднак ужо доўгі час ніякіх публікацый на палітычную тэму там няма.

За «праявы» любові да Беларусі і нелюбові да праваахоўнікаў берасьцейца пакаралі трыма месяцамі арышту

У судзе Маскоўскага раёна Брэста разглядзелі справу Паўла Фалькоўскага, якога абвінавачвалі ў злачынстве паводле артыкуле 341 КК («Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці»). Судзьдзя Марыя Аліферук прысудзіла яму тры месяцы арышту, паведамляе «Вясна».

Згодна з абвінавачваньнем, хлопец на адным з аўтобусных прыпынкаў напісаў «Жыве Беларусь», а на сьцяне апорнага пункта міліцыі ў мікрараёне Кавалёва — абрэвіятуру «ACAB». На бальконе і фасадзе яшчэ аднаго будынка абвінавачаны напісаў нецэнзурную фразу, але якую дакладна, на судзе не ўдакладнялася.

У Менску за ўдзел у акцыях пратэсту асудзілі дзьвюх супрацоўніц крамы «Остров чистоты»

У судзе Ленінскага раёну Менску 26 красавіка асудзілі палітзьняволеную Вікторую Ганчарову і Вольгу Маліноўскую. Іх абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і арт. 341 (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці). Справу разглядала судзьдзя Тацяна Шоцік. Вікторыі яна прызначыла 2 гады «хатняй хіміі», а Вользе — 1,5 гады «хатняй хіміі». Жанчын вызвалілі ў залі суда, паведамляе «Вясна».

Пад вартай жанчын утрымлівалі 5 месяцаў. Іх затрымалі 22 лістапада 2021 году за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Затрыманьне адбылося наўпрост на працы — у краме побытавай хіміі «Остров чистоты» ў Лошыцы. Увечары Вольгу адпусьцілі, а Вікторыю адразу зьмясьцілі ў ізалятар. Але на наступны дзень была затрыманая і Вольга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 26 красавіка: дацэнта Натальлю Дуліну арыштавалі на 15 дзён; у Менску затрымалі студэнтак за TikTok з цытатай Лукашэнкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 25 красавіка: 11 гадоў калёніі ў закрытым судзе; у Бабруйску затрымалі блогера, у Менску — дырэктара Zborka labs