Хроніка перасьледу 24 лютага: у Менску затрымалі рэжысэра Саўчанку і сужэнцаў Клінцэвічаў

Андрэй Саўчанка

Перасьлед беларусаў за іх грамадзянскую пазыцыю працягваецца. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

Затрыманьне сужэнцаў

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманьне сужэнцаў Сяргея Клінцэвіча і Тацяны Запольскай-Доўнар.

«Відэа з палону» зь імі 24 лютага разьмясьціў праўладны тэлеграм-канал. На відэа Сяргей кажа пра тое, што ў 2020 годзе хадзіў на пратэставыя мітынгі і быў адным са стваральнікаў закрытага тэлеграм-каналу Маскоўскага раёну Менску. У рукі падчас запісу відэа мужчыне ўклалі чырвона-зялёны сьцяг.

Тацяна на відэа расказвае, што яна шматдзетная маці, гадуе траіх дзяцей. Таксама жанчына сказала, што ў 2020 годзе яна была падпісана на дэструктыўныя тэлеграм-каналы і ўдзельнічала ў «дваровых чаяваньнях». Гэта нібыта і стала прычнай затрыманьня.

Які артыкул ставяць у віну Сяргею і Тацяне, пакуль невядома.

Затрымалі рэжысэра Андрэя Саўчанку. Цяпер ён на Акрэсьціна

Затрыманьне Андрэя Саўчанкі адбылося ў Менску на вуліцы Кастрычніцкай проста на ганку тэатра БДУ «На бальконе», дзе ён працуе, піша By_culture.

Цяпер рэжысэр знаходзіцца на Акрэсьціна. Дакладных зьвестак аб прычынах затрыманьня пакуль няма. Па словах жонкі Андрэя, заўтра яго могуць або адпусьціць, або прад’явіць абвінавачваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі дату суду над журналістам Свабоды Алегам Грузьдзіловічам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Важна верыць у дабро». Гісторыя актывіста, які адседзеў 15 гадоў, дапамагаў былым вязьням і сам трапіў пад рэпрэсіі