Падзеі 14 чэрвеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дзень у гісторыі
1792 – Барысаў атрымаў ад уладаў Расеі новы герб.
1905 – пачалося паўстаньне каманды расейскага браняносца «Пацёмкін» на Чорным моры, адна са знакавых падзеяў рэвалюцыі 1905–1907 гадоў у Расеі.
1906 – у Беластоку адбыўся пагром габрэяў.
1937 – у Маскве арыштаваны Мікалай Галадзед, старшыня Савету народных камісараў БССР. Пасьля арышту ў Маскве яго скіравалі ў Менск, дзе ў часе допыту ў будынку НКВД Галадзед выкінуўся з акна 5-га паверху.
1938 – заснаваны Беларускі дзяржаўны тэатар лялек.
1941 – савецкія войскі пачалі масавую дэпартацыю грамадзян Латвіі, Літвы й Эстоніі ў аддаленыя расейскія рэгіёны
1982 – перамога Брытаніі над Аргентынаю ў вайне за Фалклэнды
1995 – тэрарыстычная група Шаміля Басаева захапіла ў закладнікі каля 1600 чалавек у шпіталі гораду Будзёнаўску.
У гэты дзень нарадзіліся
1867 — Мітрафан Доўнар-Запольскі, беларускі гісторык, адзін з заснавальнікаў беларускай гістарыяграфіі.
Мітрафан Доўнар-Запольскі з жонкай,1925
Усяго ў дваццаць адзін год, у 1888-м, Доўнар-Запольскі надрукаваў нарыс «Беларускае мінулае», дзе стварыў канцэпцыю гістарычнага разьвіцьця беларускага народу.
У 1905-м калегі віншавалі яго з абаронаю доктарскай дысэртацыі.
Пра шырыню разгляданай вучоным праблематыкі кажуць назовы ягоных дасьледаваньняў: «Да гісторыі Люблінскай вуніі», «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII ст.», «Адносіны беларуса да зямлі».
Ён апублікаваў тэкст Баркулабаўскай хронікі — выдатнага помніка нашага летапісаньня пачатку XVII стагодзьдзя.
Акт 25 сакавіка Доўнар-Запольскі, як сьведчаць сучасьнікі, сустрэў «зь вялікай радасьцю й надзеяй, без ваганьняў і засьцярогаў». Кіеўская місія БНР, у якой ён працаваў, была адной з найбольш дзейных.
На даручэньне нашага незалежніцкага Ўраду вучоны напісаў нарыс «Асновы дзяржаўнасьці Беларусі», які разам з мапаю краіны выйшаў у 1919-м на беларускай, францускай, нямецкай, польскай і расейскай мовах і стаўся выдатным інфармацыйным дапаможнікам Мітрафан Доўнар-Запольскі імёны свабоды 143 для ўсіх дыпляматычных прадстаўніцтваў БНР.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 142–143.
1900 — Міхась Забэйда-Суміцкі, беларускі опэрны сьпявак і музычны пэдагог, саліст La Scala (Мілян), выканаўца беларускіх народных песень.
Уладзімер Караткевіч у Празе. Зьлева – Міхась Забэйда-Суміцкі, жонка пісьменьніка Валянціна, справа – Вацлаў Жыдліцкі. 1960-я гады. Фота. С. Панізьніка.
Забэйду-Суміцкага праводзілі авацыямі Пазнанская й Праская опэры. Яго стоячы вітала патрабавальная публіка славутага мілянскага тэатру «Ля Скаля». Але сцэна, пра якую да апошняга дня ён марыў — менская опэрная, — так і засталася недасяжная.
На пачатку дваццатых гадоў мінулага стагодзьдзя Міхал Забэйда-Суміцкі паступіў у Харбінскі расейскі ўнівэрсытэт і адначасна пачаў браць урокі сьпеваў і тэорыі музыкі. Назаўтра пасьля дэбютнага выкананьня ў тамтэйшай опэры арыі Ленскага ў «Яўгену Анегіну» ён прачнуўся знакамітым.
…Італійская прэса называла яго адным з бліскучых прадстаўнікоў эўрапейскай вакальнай школы.
Замежныя імпрэсарыё раз-пораз высочвалі Забэйду ў кавярнях за келіхам к’янці.
Сябрам і калегам у хвіліны шчырасьці Забэйда-Суміцкі прызнаваўся, што найперш хацеў бы сьпяваць на Радзіме і, каб пераканаць суразмоўцу, што загадкавая Беларусь — гэта ня фата-маргана, мог зацягнуць сваё ўлюбёнае — «Малады дубочак» або «Чаму ж мне ня пець».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 338–339.
1928 — Чэ Гевара, аргентынскі рэвалюцыянэр, адна з цэнтральных фігураў Кубінскай рэвалюцыі.
1931 — Ігар Сарокін, беларускі опэрны сьпявак, народны артыст Беларусі.
1946 — Дональд Трамп, 45-ы Прэзыдэнт ЗША.
Дональд Трамп
У памяці
1903 — Ян Карловіч, лінгвіст, этнограф, фальклярыст і музыказнаўца.
1920 — Макс Вэбэр, нямецкі сацыёляг, эканаміст, юрыст.
1936 — Гільбэрт Кійт Чэстэртан, брытанскі пісьменьнік і журналіст.
1986 — Хорхе Люіс Борхес, аргентынскі празаік, паэт і публіцыст.