Дата дня
8 сакавіка 1928 году ў Празе памёр Пётра Крачэўскі (Крэчэўскі), палітык, пісьменьнік, гісторык, старшыня Рады БНР у 1919-1928 гадох.
Трапіўшы ў Прагу, дасьведчаны беларускі падарожнік абавязкова наведае адзін зь яе найбуйнейшых нэкропаляў — Альшанскія могілкі.
Паміж шыхтоў надмагільных помнікаў шматлікім «белым» генэралам і казацкім палкоўнікам, паўзь месца апошняга прыстанку маці Ўладзімера Набокава ўтравелая сьцежка прывядзе да плітаў з надпісамі па-беларуску.
Тут пахаваныя Старшыня Рады БНР Васіль Захарка з жонкаю і геніяльны опэрны тэнар Міхал Забэйда-Суміцкі.
Непадалёку, праваруч ад праваслаўнае царквы пад помнікам з Пагоняю, спачывае прах яшчэ аднаго Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — Пётры Крачэўскага.
У 1917-м ён, выпускнік Віленскай духоўнай сэмінарыі, потым настаўнік, банкаўскі службовец і вайсковец, бярэ ўдзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе й абіраецца сябрам яго выканкаму.
Праз два гады Крачэўскі ўзначаліў Раду БНР, што ў тых палітычных умовах прывяло да непазьбежнай эміграцыі — спачатку ў Літву, а затым у Чэхаславаччыну.
Пётра знаходзіўся ў ліку палітыкаў, якія выступілі супраць пастановаў Бэрлінскай Усебеларускай канфэрэнцыі, дзе Менск быў прызнаны адзіным цэнтрам нацыянальна- дзяржаўнага Адраджэньня Беларусі і дзе прагучаў заклік вяртацца ў савецкую Беларусь.
Пяру Пётры Крачэўскага належаць паэтычныя й драматургічныя творы, але найперш ягоны талент удумлівага гісторыка і літаратара выявіўся ў эсэ й артыкулах, прысьвечаных асобам і падзеям беларускай мінуўшчыны.
У адным зь іх — эсэ «Скарына і незалежнасьць» — Старшыня Рады БНР напісаў словы, сэнс якіх непадуладны часу: «Бяз мовы няма нацыі, без культуры — няма народу і ня можа быць Незалежнасьці, сваёй уласнай дзяржавы».
Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с. 126-127.
Таксама ў гэты дзень
1910 — рашэньнем Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу ў Капэнгагене дзень 8 сакавіка абвешчаны Міжнародным Жаночым Днём.
1911 — першае сьвяткаваньне Міжнароднага жаночага дня.
1940 — у Індыі пад кіраўніцтвам Махатмы Гандзі пачалася кампанія грамадзянскага непадпарадкаваньня брытанскім калянізатарам.
Махатма Гандзі
1944 — у СССР пачалася масавай дэпартацыі балкарцаў.
1950 — СССР абвясьціў, што мае атамную бомбу.
Першая савецкая атамная бомба, Музэй ядзернай зброі Расейскага фэдэральнага ядзернага цэнтру
1965 — у Паўднёвым Віетнаме высадзіліся першыя наземныя войскі ЗША.
У гэты дзень нарадзіліся
1892 —Аляксандр Чарвякоў, дзяржаўны дзеяч БССР, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б (расстраляны ў 1937 годзе).
Аляксандар Чарвякоў
1910 — Пятро Конюх , сьпявак, дзеяч паваеннай эміграцыі ў ЗША й Канадзе.
1914 — Якаў Зяльдовіч, савецкі фізык, адзін з «бацькоў» савецкіх атамнай і вадароднай бомбаў, тройчы герой сацыялістычнай працы, ураджэнец Менску.
1931 — Сямён Падокшын, беларускі філёзаф і гісторык-мэдыявіст, дасьледчык культуры Адраджэньня і Рэфармацыі.
1954 — Андрэй Саньнікаў, палітык, грамадзкі дзеяч, кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году.
Андрэй Саньнікаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Без вырашэньня беларускага пытаньня ў Расеі нічога не атрымаецца», — Саньнікаў пра імпэрскасьць дэмакратаў1962 — Славамір Адамовіч, беларускі паэт, грамадзкі дзеяч.
Славамір Адамовіч у судзе, Менск, 2019
У памяці
1844 — Жан Батыст Жуль Бэрнадот, францускі маршал, які стаў каралём Швэцыі і Нарвэгіі пад імем Карл XIV Юхан.
1917 — Фердынанд Цэпэлін, нямецкі авіяканструктар.
1992 — Міхась Ракевіч , удзельнік паваеннага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень ГУЛАГу.
2004 — Міхась Наўмовіч, дзеяч беларускай эміграцыі, старшыня Беларускага Згуртаваньня ў Францыі «Хаўрус» і сябра рады БНР.
2005 — Аслан Масхадаў, прэзыдэнт Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя, забіты.
Аслан Масхадаў