Падзеі 27 лютага ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
27 лютага 1991 году прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы абвясьціў пра заканчэньне вайны ў Пэрсыдзкай затоцы паміж кааліцыяй на чале з ЗША і Іракам за вызваленьне і аднаўленьне незалежнасьці Кувэйту.
Таксама ў гэты дзень
1612 — пачала працу друкарня ў Любчы пад Наваградкам. Усяго яна выпусьціла больш за 80 кніжак па-лацінску і па-польску.
1919 — была ўтвораная Літоўска-Беларуская ССР.
1933 — адбыўся пажар бэрлінскага Райхстагу.
2015 — у Маскве быў забіты расейскі апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў.
У гэты дзень нарадзіліся
1734 — Караль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага.
1888 — Яўхім Бялевіч, дзяяч нацыянальнага руху, міністар юстыцыі і фінансаў у Народным сакратарыяце — першым урадзе БНР.
1902 — Джон Стэйнбэк, амэрыканскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі 1962 году.
1903 — Міхась Явар, беларускі паэт.
1906 — Рыта Млодак, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка Беларусі.
1912 — ангельскі празаік Лорэнс Дарэл.
1935 — Фёдар Клімчук, беларускі мовазнаўца-дыялектоляг, гісторык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захоўнік палескага скарбу: Фёдар Клімчук (1935-2018)У памяці
1936 — памёр расейскі фізіёляг Іван Паўлаў.
1939 — у Менску быў расстраляны Васіль Шчарбакоў, беларускі гісторык.
1982 — нарадзіўся Міхал Шарамет, удзельнік Маладога Фронту БНФ, стваральнік вайскова-патрыятычнай арганізацыі «Ваяр». Памёр нечакана 21 красавіка 2013 г.
Міхал займаўся прамысловым альпінізмам, гэта значыць, выконваў заданьні на вышыні.
Пэўны час ён працаваў у Міністэрстве надзвычайных сытуацыяў. Ня раз выносіў людзей з полымя, але не любіў гаварыць пра гэта.
Калегі-ратавальнікі не здагадваліся, што побач зь імі выяжджае на выклікі адзін зь легендарных няўлоўных Міронаў, якія адважна ўздымалі нашы нацыянальныя сьцягі ў самых нібыта недаступных месцах.
Выратаваўшы многіх іншых, Шарамет ня змог уратавацца сам…
Ён быў зь сябрамі ў паходзе на байдарках. Прыхільнік мэтадаў экстрэмальнага выжываньня, Міхал, паводле завядзёнкі, шукаў ядомыя расьліны. У ручаіне ўбачыў некалькі каранёў, якія чамусьці здаліся яму вадзяным тапінамбурам.
Праз гадзіну яго беларускае сэрца спынілася.
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 641.