Ужо сёньня, 25 сакавіка: Дзень Волі і Дабравешчаньне

Дзень Волі-2014

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце і гісторыі.

Дэмакратычная грамадзкасьць адзначае 98-я ўгодкі абвяшчэньня БНР. Шэсьце ў Менску плянавалася ад Акадэміі навук па праспэкце Незалежнасьці да парку Янкі Купалы, аднак чыноўнікі зьмянілі маршрут: яны прапанавалі арганізатарам сабраць людзей каля кінатэатра «Кастрычнік» і прайсьці па вуліцы Сурганава да плошчы Бангалор, дзе дазволена правесьці мітынг.

У адказ арганізатары заявілі, што зьбяруць людзей у 18:25 на пляцоўцы каля кінатэатра «Кастрычнік», а рашэньне аб маршруце маршу будуць прымаць самі ўдзельнікі. Пры гэтым былы палітвязень Мікалай Статкевіч заявіў, што ў 17:00 прапануе ўскласьці кветкі да помніка Янку Купалу ў аднайменным скверы, пасьля чаго накіруецца да месца збору ўдзельнікаў сьвяткаваньня.

Ускладаньне кветак да магілаў прэзыдэнтаў БНР Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі пройдзе ў Празе (Альшанскія могілкі, а 13-й гадзіне). Увечары — Боская літургія ў царкве св. Кузьмы і Дзям’яна, малітва за беларускі народ ( Kostel sv. Kosmy a Damiána Na Slovanech, а 20-й).

Чарговая сустрэча праекту «Чытаем сваё» пройдзе ў літаратурным музэі Петруся Броўкі ў Менску. Сёньняшні аўтар — Уладзімір Дубоўка. (К. Маркса, 30, пачатак а 17-й).

Таварыства беларускай мовы запрашае на 9-ю Агульнанацыянальную дыктоўку (Менск, Румянцава, 3, пачатак а 17-й).

У каталікоў і грэка-каталікоў — Вялікая пятніца, Дабравешчаньне.

У гісторыі

1918 — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла Трэцюю Ўстаўную грамату, у якой абвясьціла пра стварэньне свабоднай і незалежнай БНР і аддзяленьне Беларусі ад Расеі. З тых часоў і да сёньня 25 сакавіка — найважнейшае нацыянальнае сьвята сьвядомых беларусаў ва ўсім сьвеце.

1949 — некалькі тысяч жыхароў Літвы дэпартаваныя ў Сібір.

1969 — створаны вакальна-інструмэнтальны ансамбаль «Песьняры» пад кіраўніцтвам Уладзімера Мулявіна.

1995 — Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

2006 — «паход Казуліна на Акрэсьціна» : пасьля мітынгу да Дня волі ў Купалаўскім сквэры былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін заклікаў прысутных пайсьці да турмы на Акрэсьціна, дзе адбывалі пакараньне дзесяткі палітвязьняў, затрыманых пасьля выбараў і разгону намётавага мястэчка. Калёну зь некалькіх тысяч чалавек на пр. Дзяржынскага сустрэлі спэцадзелы міліцыі, жорстка зьбілі і разагналі. Казулін быў затрыманы і асуджаны на пяць з паловай гадоў за «злоснае хуліганства і масавыя беспарадкі».

Цытата

Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,

Расьпетаю буду маліцца душой,

Каб чорныя долі зь мяцеліцаў шумамі

Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.

Зь верша Янкі Купалы «Мая малітва», які стаў песьняй «Песьняроў».