Ватыкан прыняў першых уцекачоў: сям’ю мэлькітаў — грэка-каталікоў з Сырыі.
Як гаворыцца ў заяве Ватыкану, бацькі з двума дзецьмі прыехалі з Дамаску ў Італію 6 верасьня — у дзень, калі Папа Рымскі Францішак заклікаў усе эўрапейскія царкоўныя парафіі адчыніць дзьверы для ўцекачоў.
Яны прасілі прытулку, ратуючыся ад ваенных дзеяньняў на радзіме. Паводле закону, першыя шэсьць месяцаў з моманту падачы заявы яны ня маюць права працаваць, але ім будзе дапамагаць парафія Сьвятой Ганны. Чакаецца прыбыцьцё яшчэ адной сырыйскай сям’і.
У Ватыкане — мінідзяржаве, разьмешчанай у цэнтры Рыму, ёсьць дзьве парафіі — Сьвятой Ганны і пры саборы Сьвятога Пятра.