Адвакат Бандарэнкі абскардзіў прысуд прадпрымальніку

Андрэй Бандарэнка

Адвакат Зьміцер Лаеўскі ад імя Андрэя Бандарэнкі падаў старшыні Менскага гарадзкога суду наглядную скаргу на прысуд Першамайскага раённага суду Менску і вызначэньне судовай калегіі Менскага гарадзкога суду.
Нагадаем, прадпрымальнік, сябра АГП Бандарэнка ў лютым быў асуджаны да 6 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж шляхам махлярства.

У траўні Андрэя Бандарэнку для адбыцьця пакараньня накіравалі ў Бабруйскую калёнію. З 15 чэрвеня вязень пачаў галадоўку пратэсту супроць прысуду. Сваёй віны сябра АГП Бандарэнка не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі матывамі, у прыватнасьці, помстай яму за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах і за намаганьні абскардзіць вынікі выбараў. Андрэй Бандарэнка патрабуе адмены прысуду і вызваленьня.

Андрэй Бандарэнка быў арыштаваны ў сярэдзіне 2009 году. На пачатку 2010 года Андрэй Бандарэнка ўжо трымаў працяглую галадоўку, пратэстуючы супроць парушэньня ягоных правоў.