18 траўня ў Менскім гарадзкім судзе разглядаецца касацыйная скарга па справе Андрэя Бандарэнкі, якога Першамайскі суд Менску асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Прадпрымальнік, які спрабаваў стаць дэпутатам ў 2008 годзе, заяўляе, што абвінавачаньне супраць яго сфабрыкавалі, каб адпомсьціць за намер заняцца палітыкай.
Андрэй Бандарэнка за кратамі ўжо амаль год. Да першага працэсу сядзеў у Менскім сьледчым ізалятары, пасьля суду пагадзіўся пераехаць ў Бабруйскую калёнію, дзе ў карцэры даведаўся пра тое, што сталічны суд першы прысуд яму ў 8 гадоў зьняволеньня адмяніў. Гэта было летась ў сьнежні. Сёлета ў лютым у тым жа Першамайскім судзе Менску адбыўся другі суд — пра ягоны вынік вязень даведаўся зноў у Менскім сьледчым ізалятары.
З таго часу Бандарэнка чакаў перагляду справы, не паддаючыся, як летась, на ўгаворы перавезьці ў калёнію. Умовы на «Валадарцы», паводле лістоў Бандарэнкі, жахлівыя: у камэры на 30 ложкаў — 50 вязьняў, сьпяць па чарзе. Але ўсё роўна, як казаў Бандарэнка на другім судзе, там ён адчувае сябе чалавекам яшчэ не асуджаным, а ня «зэкам», як у калёніі. На касацыйны разгляд справы ў сьнежні Бандарэнку не прывезьлі, хаця ён гэтага дамагаўся. Што будзе цяпер, сваякі дагэтуль ня ведаюць:
«Нам вядома, што Андрэй з адвакатам пісалі запыт пра ўдзел Андрэя, але што вырашаць, невядома. Андрэй казаў, што гэта можа стаць вядома нават толькі ў самім судзе».
Андрэя Бандарэнку суд прызнаў вінаватым у крадзяжы сродкаў фірмаў-партнэраў праз махлярства. Прадпрымальнік сябе вінаватым ніколі не прызнаваў і даказваў у судзе, што грошы, якія нібыта ён скараў, увогуле фірмы не гублялі.
Палітык Аляксандр Дабравольскі назіраў за абодвума працэсамі над Андрэем Бандарэнкам: «Бандарэнка ў палітыку прыйшоў позна і ў яго былі ілюзіі, што такога ў нашай краіне быць ня можа.
Бандарэнка ў палітыку прыйшоў позна і ў яго былі ілюзіі, што такога ў нашай краіне быць ня можа.
Карэспандэнт: «Разгляд і перагляд справы цягнецца болей за паўгода. Чаму гэтак доўга? Што, улады ніяк ня вырашаць, што рабіць з Бандарэнкам?»
Дабравольскі: «Выявілася вялікая непісьменнасьць судзьдзяў. Калі ў гарадзкім судзе, нягледзячы на загады ды палітычныя вятры, убачылі, наколькі наогул непрафэсійна быў падрыхтаваны той прысуд, яны яго адмянілі. Верагодна, што будзе адменены і гэты прысуд, бо ён яшчэ горшы з пункту гледжаньня закону. Мяркую, ідзе дэградацыя судзьдзяў раённых судоў. Яны ня толькі не самастойныя, а яшчэ і ніякія як юрысты».
Разгляд касацыйных скаргаў, сярод якіх і скарга Андрэя Бандарэнкі, пачнецца а 10 гадзіне раніцы. Якой па чарзе будзе разглядацца справа прадпрымальніка Бандарэнкі, невядома.