Паводле яго, рашэньне трансфармаваць аднайменны грамадзкі рух у партыю стала «вынікам шматгадовай працы актывістаў, якая пачалася яшчэ ў час прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году».
Віталь Савюк адзначыў, што пасьля эміграцыі Сьвятланы Ціханоўскай многія з актывістаў працягнулі дзейнасьць: каардынавалі дваровыя ініцыятывы, аказвалі дапамогу палітвязьням, шукалі спосабы супраціву ўнутры краіны і за мяжой.
Пры немагчымасьці рэгістрацыі партыі ўнутры Беларусі ў 2021 годзе быў створаны грамадзкі рух «Краіна для жыцьця». У яго, паводле Савюка, увайшлі ня толькі ўдзельнікі прэзыдэнцкай кампаніі Ціханоўскай, але і актывісты, якія зьбіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, а таксама «прадстаўнікі лякальных ініцыятываў з усёй краіны».
Суразмоўца «Позірку» паведаміў, што ў 2024 годзе ўдзельнікі руху «прыйшлі да высновы, што для працягу сыстэмнай працы неабходна фармаваць палітычную сілу». «Быў створаны аргкамітэт стварэньня партыі. Гэтае рашэньне высьпела як адказ на запыт часу і на расчараваньне ў неэфэктыўнасьці існых фарматаў», — дадаў ён.
«На зьезьдзе былі запрошаныя госьці — нашы партнэры і аднадумцы, якія падтрымліваюць нас і цэняць нашу працу, і іншыя прадстаўнікі розных арганізацыяў і ініцыятываў. Аднак важна падкрэсьліць: прысутнасьць на зьезьдзе не азначае аўтаматычнага ўваходу ў аргкамітэт. Мы імкнемся да адкрытага дыялёгу і запрашаем да супрацы ўсіх, каму блізкія каштоўнасьці свабоды, годнасьці і салідарнасьці», — сказаў Савюк.
У аргкамітэт таксама ўвайшла давераная асоба Ціханоўскай на выбарах 2020 году, паведаміў ён, анансаваўшы неўзабаве публікацыю статуту і праграмы партыі.
«Наперадзе шмат працы: фармаваньне структуры, умацаваньне ўзаемадзеяньня з дыяспарай, разьвіцьцё палітычнай плятформы — сумленнай перад людзьмі, дзеля якіх і пачалася гэтая барацьба», — сказаў Савюк.
Блёк «Краіна для жыцьця» ў 2024 годзе балятаваўся ў склад Каардынацыйнай рады, аднак не прайшоў выбарчага парогу.
У 2019 годзе Сяргей Ціханоўскі стварыў ютуб-канал «Краіна для жыцьця», які хутка стаў папулярным сярод беларусаў. Блогер наведваў рэгіёны Беларусі, сустракаўся з падпісчыкамі, браў у іх інтэрвію, у якіх мясцовыя жыхары апавядалі пра свае праблемы, крытыкавалі ўлады.
Ціханоўскі выказаў жаданьне балятавацца на пасаду прэзыдэнта ў 2020 годзе, аднак перад пачаткам выбарчай кампаніі быў арыштаваны паводле адміністрацыйнага абвінавачаньня — за «арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства» — і ня змог асабіста падаць дакумэнты ў Цэнтравыбаркам. Па даверанасьці гэта зрабіла яго жонка Сьвятлана Ціханоўская, але ЦВК не зарэгістраваў блогера прэтэндэнтам у кандыдаты, бо даверанасьць, як сьцьвярджалася, не была ім падпісаная.
Пасьля гэтага дакумэнты падала Ціханоўская, і Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў яе як прэтэндэнта на прэзыдэнцкую пасаду.
Пасьля заканчэньня адміністрацыйнага арышту Ціханоўскі стаў даверанай асобай жонкі і далучыўся да кампаніі збору подпісаў за яе вылучэньне. 29 траўня 2020 году яго затрымалі ў Горадні пасьля правакацыі на пікеце для збору подпісаў.
У сакавіку 2021 году Сьледчы камітэт завяршыў расьсьледаваньне крымінальнай справы супраць Ціханоўскага. 14 сьнежня 2021 году яго пакаралі 18 гадамі пазбаўленьня волі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
27 лютага 2023 году яму дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы».
З 9 сакавіка 2023 году Ціханоўскі знаходзіцца ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі (інкамунікада).
Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць
- Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
- У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
- Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
- Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».
- На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
- 14 сьнежня 2021 году Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў зьняволеньня, прызнаўшы вінаватым паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК, заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).
- Пасьля прысуду Ціханоўскі спачатку трапіў у папраўчую калёнію № 15 Магілёва. Але ў жніўні 2022-га яму ўзмацнілі рэжым і перавялі на 3 гады ў турму № 8 у Жодзіне, дзе зноў судзілі і дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня за «непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі». Агулам тэрмін зьняволеньня Сяргея Ціханоўскага цяпер складае 19,5 года.
- З сакавіка 2023 году сваякі Сяргея Ціханоўскага не атрымліваюць аніякай інфармацыі ад яго.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
- ПА АБСЭ і Эўрапарлямэнт патрабавалі вызваленьня Ціханоўскага, Статкевіча і іх паплечнікаў.
Форум