Затрыманьне сужэнцаў
Праваабаронцам стала вядома пра затрыманьне сужэнцаў Сяргея Клінцэвіча і Тацяны Запольскай-Доўнар.
«Відэа з палону» зь імі 24 лютага разьмясьціў праўладны тэлеграм-канал. На відэа Сяргей кажа пра тое, што ў 2020 годзе хадзіў на пратэставыя мітынгі і быў адным са стваральнікаў закрытага тэлеграм-каналу Маскоўскага раёну Менску. У рукі падчас запісу відэа мужчыне ўклалі чырвона-зялёны сьцяг.
Тацяна на відэа расказвае, што яна шматдзетная маці, гадуе траіх дзяцей. Таксама жанчына сказала, што ў 2020 годзе яна была падпісана на дэструктыўныя тэлеграм-каналы і ўдзельнічала ў «дваровых чаяваньнях». Гэта нібыта і стала прычнай затрыманьня.
Які артыкул ставяць у віну Сяргею і Тацяне, пакуль невядома.
Затрымалі рэжысэра Андрэя Саўчанку. Цяпер ён на Акрэсьціна
Затрыманьне Андрэя Саўчанкі адбылося ў Менску на вуліцы Кастрычніцкай проста на ганку тэатра БДУ «На бальконе», дзе ён працуе, піша By_culture.
Цяпер рэжысэр знаходзіцца на Акрэсьціна. Дакладных зьвестак аб прычынах затрыманьня пакуль няма. Па словах жонкі Андрэя, заўтра яго могуць або адпусьціць, або прад’явіць абвінавачваньне.